Незалежны рэгулятар

Стварэнне незалежных рэгулятараў ў сферы ІКТ з'яўляецца агульнасусветным працэсам, які падтрымліваецца арганізацыямі сістэмы ААН і Сусветнай гандлёвай арганізацыяй. Па дадзеных Міжнароднага саюза электрасувязі, да канца 2010 года яны былі ўтвораны амаль у 160 краінах свету (у 1990 годзе такія арганізацыі дзейнічалі толькі ў 12 краінах). Падобны працэс адлюстроўвае тэндэнцыю лібералізацыі рынку ІКТ і накіраваны на забеспячэнне бесстаронняга рэгулявання дзейнасці ўсіх удзельнікаў рынка. Па дадзеных ААН, наяўнасць эфектыўных інструментаў бесстаронняга рэгулявання рынку ІКТ павышае давер інвестараў і стымулюе іх актыўнасць.

Неабходнасць стварэння самастойных нацыянальных органаў, якія ажыццяўляюць рэгуляванне рынку ІКТ, перш за ўсё тэлекамунікацыйных паслуг, абумоўліваецца ўзаемасувяззю аператараў, якія раней мелі выключнае права аказваць паслугі на дадзеным рынку, з галіновымі міністэрствамі, якія кіруюць іх дзейнасцю. Такая ўзаемасувязь можа змяншаць ступень бесстароннасці пры прыняцці рашэнняў па пытаннях рэгулявання названага рынку.

Дзейнасць незалежных рэгулятараў у розных краінах ажыццяўляецца ў розных формах. Яны могуць быць як дзяржаўнымі органамі, так і прадпрыемствамі. Аб'ём функцый, што ўскладаюцца на незалежных рэгулятараў, таксама адрозніваецца.

У большасці краін незалежныя рэгулятары прымаюць рашэнні па пытаннях доступу на рынак (з дапамогай ліцэнзавання, размеркавання частотнага рэсурсу і рэсурсу нумарацыі, іншых дазвольных і апавяшчальных працэдур), рэгулявання дзейнасці ўдзельнікаў рынку, якія займаюць на ім дамінуючае (істотнае) становішча (з дапамогай рэгулявання вызначаных імі тарыфаў, умоў далучэння да іх тэлекамунікацыйных сетак і элементаў тэлекамунікацыйнай інфраструктуры), і ўрэгулявання спрэчак паміж удзельнікамі рынку, а таксама паміж карыстальнікамі паслуг і аператарамі.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 верасня 2010 г. № 515 «Аб некаторых мерах па развіцці сеткі перадачы дадзеных у Рэспубліцы Беларусь» незалежным рэгулятарам ў сферы ІКТ у Рэспубліцы Беларусь вызначаны Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.