18 снежня 1973 г. для арганізацыі і правядзення работ па абароне інфармацыі інжынерна-тэхнічнымі метадамі ў ваенна-прамысловым комплексе была створана Дзяржаўная тэхнічная камісія СССР.
Дзяржтэхкамісія ў сваім складзе мела цэнтральны апарат у г.Маскве і рэгіянальныя падраздзяленні цэнтральнага падпарадкавання. Кожнай рэгіянальнай структуры ставілася ў абавязак сфера адказнасці ў складзе абаронных прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі некалькіх абласцей або рэспублік.
У ліпені 1979 г. утворана Мінская рэгіянальная інспекцыя комплекснага тэхнічнага кантролю, на базе якой у жніўні 1989 г. быў створаны Мінскі спецыяльны цэнтр Дзяржтэхкамісіі СССР.
У перыяд станаўлення дзяржаўнасці ў Беларусі кіраўніцтвам краіны былі прыняты меры па арганізацыі абароны інфармацыі ва ўсіх сферах дзейнасці дзяржавы з мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
12 студзеня 1993 г. рашэннем Урада краіны на базе былога Мінскага спецыяльнага цэнтра Дзяржтэхкамісіі СССР быў створаны Дзяржаўны цэнтр бяспекі інфармацыі (далей – ДЦБІ) пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь.
Задача ДЦБІ заключалася ў забеспячэнні абароны ахоўных звестак інжынерна-тэхнічнымі метадамі ў органах дзяржаўнага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях у ходзе даследаванняў, распрацовак, вытворчасці і эксплуатацыі ўзбраення, ваеннай тэхнікі, аўтаматызаваных сістэм кіравання, электронных вылічальных машын, якія выкарыстоўваюцца ў інтарэсах абароны і бяспекі краіны.
У кастрычніку 1994 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ДЦБІ пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь быў ператвораны ў ДЦБІ пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь.
У лістападзе 2000 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ДЦБІ пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь быў ператвораны ў ДЦБІ пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
21 красавіка 2008 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на базе ДЦБІ пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь створаны Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей – ААЦ).
ААЦ з'яўляецца дзяржаўным органам, які ажыццяўляе рэгуляванне дзейнасці па забеспячэнні абароны інфармацыі, якая змяшчае звесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь ці іншыя звесткі, што ахоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, ад уцякання па тэхнічных каналах, несанкцыянаваных і ненаўмысных уздзеянняў.
ААЦ ажыццяўляе сваю дзейнасць на аснове палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь.