У мэтах развіцця традыцый дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, павышэння адказнасці іх асабістага складу за выкананне службовага абавязку Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2009 г. № 191 «Аб заснаванні афіцыйных геральдычных сімвалаў Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» заснаваны:
геральдычны знак – эмблема Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;
Сцяг Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;
нагрудны знак адрознення Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь «За службу».
1. Геральдычны знак – эмблема Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей – эмблема) з'яўляецца знакам, які паказвае на прыналежнасць супрацоўнікаў, узбраення, транспартных і спецыяльных сродкаў, іншай маёмасці да Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Эмблема Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой варажскі шчыт сіняга колеру з двума выразамі ў верхняй частцы, аблямоўкай серабрыстага колеру, заклёпкамі залацістага колеру, на якім размешчана палотнішча чырвона-зялёнага колеру з Дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь залацістага колеру, аблямаванае махрамі залацістага колеру.
Ніжэй палотнішча – тры стралы залацістага колеру, якія сыходзяцца да цэнтру. Шчыт апраўлены лаўровым вянком залацістага колеру. У ніжняй частцы шчыта размешчана дэвізная стужка чырвонага колеру з акантоўкай залацістага колеру і надпісам залацістага колеру: «ААЦ».
Дапускаецца ў асобных выпадках размяшчэнне надпіса цалкам: «АПЕРАТЫЎНА-АНАЛІТЫЧНЫ ЦЭНТР ПРЫ ПРЭЗІДЭНЦЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» залацістага колеру.
За шчытом – меч залацістага колеру рукаяццю ўверх. Шчыт, меч і вянок размешчаны на васьміпрамянёвай ордэнскай зорцы серабрыстага колеру.
Васьміпрамянёвая зорка – ордэнская зорка, сімвал высокай узнагароды, сімвалізуе славу Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, годнае выкананне службовых абавязкаў яго супрацоўнікамі. У хрысціянстве гэтая зорка таксама азначае Віфлеемскую зорку.
Зорка, варажскі шчыт, лаўрова-дубовы вянок і меч – элементы афіцыйнай сімволікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што візуальна падкрэслівае прыналежнасць Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь да органаў, якія забяспечваюць нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь.
Аб прыналежнасці да Рэспублікі Беларусь гаворыць надпіс на беларускай мове.
Эмблема можа служыць асновай для стварэння эмблем падраздзяленняў, нагрудных і нарукаўных знакаў Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Малюнак эмблемы размяшчаецца на:
Сцягу Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;
знаках адрознення і адзнакі супрацоўнікаў Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;
узнагароднай зброі;
бланках загадаў, распараджэнняў i iншых актаў начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;
друкаванай прадукцыі, што выдаецца Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь або па яго заказу;
кіна-, відэа- і фотаматэрыялах, якія выпускаюцца Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;
спецыяльнай тэхніцы і сродках перамяшчэння ў якасці апазнавальнага знака;
рэкламнай, інфармацыйнай, сувенірнай і іншай прадукцыі, якая вырабляецца па заказах Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Дапускаецца ўзнаўленне выявы эмблемы ў каляровым і чорна-белым, а таксама ў аб'ёмным варыянтах.
2. Сцяг Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей – Сцяг) – сімвал гонару, доблесці і славы, які з’яўляецца напамінам кожнаму супрацоўніку Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь аб свяшчэнным абавязку абароны Айчыны, забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, вернасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Сцяг складаецца з падвойнага палотнішча, дрэўка з навершам і падтокам, шнура з кутасамі.
Палотнішча Сцяга прамавугольнае, даўжынёй 155 см, шырынёй 105 см, вырабляецца з шаўковага знаменнага фая чырвонага колеру і па краі трох бакоў абшываецца залацістай шаўковай махрой. Па краі боку, з якога Сцяг мацуецца да дрэўка, размешчана белая аблямоўка шырынёй 25 см з беларускім нацыянальным арнаментам чырвонага колеру.
У цэнтры вонкавага боку палотнішча Сцяга размяшчаецца выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь дыяметрам 45 см. Над гербам паралельна з верхнім краем размяшчаецца надпіс: «АПЕРАТЫЎНА-АНАЛІТЫЧНЫ ЦЭНТР ПРЫ ПРЭЗІДЭНЦЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ». Пад гербам паралельна з ніжнім краем палотнішча – надпіс: «РЭСПУБЛIКА БЕЛАРУСЬ».
У цэнтры адваротнага боку палотнішча Сцяга намаляваны геральдычны знак – эмблема Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая ўпісана ва ўмоўную акружнасць дыяметрам 45 см. Пад эмблемай паралельна з ніжнім краем палотнішча размяшчаецца надпіс: «ДОЎГ, ГОНАР, АЙЧЫНА».
Усе надпісы вышыты залацістым шоўкам на беларускай мове. Вышыня літар – 10 см.
Дрэўка Сцяга драўлянае, круглага сячення, дыяметрам 4 см, даўжынёй 250 см, афарбавана ў цёмна-карычневы колер, пакрыта лакам і мае на ніжнім канцы падток, на верхнім – наверша залацістага колеру ў выглядзе плоскага праразнога кап’я, усярэдзіне якога размешчана пяціканцовая зорка.
Шнур – упрыгожанне Сцяга. Даўжыня шнура – 200 см. Шнур Сцяга кручаны, трохпасменны, вырабляецца з аранжавага і васільковага шоўку і залацістага метанiта. Канцы шнура завяршаюцца сцягавымі кутасамі залацістага колеру. Шнур з кутасамі мацуецца да ніжняй часткі наверша.
Сцяг уручаецца Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Сцяг захоўваецца за Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на ўвесь час незалежна ад змены яго назвы. Змяненнi назвы заносяцца ў Грамату Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая выдаецца пры ўручэнні Сцяга.
У выпадку скасавання Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сцяг і Грамата Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь перадаюцца на захоўванне ў Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.
3. Нагрудным узнагародным знакам «За службу» Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей – знак) узнагароджваюцца супрацоўнікі, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у развіццё і ўдасканаленне дзейнасці Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі высокіх вынікаў у службе, і ўзорна выконваюць службовыя абавязкі.
Знакам могуць быць узнагароджаны іншыя асобы за заслугі ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Парадак прадстаўлення да ўзнагароджання знакам і форма пасведчання да яго зацвярджаюцца начальнікам Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Рашэнне аб узнагароджанні знакам афармляецца загадам начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Нагрудны узнагароджаны знак мае дзве ступені. Колер металу асноўных элементаў і надпісаў нагруднага знака адрознення «За службу» I ступені – залацісты, II ступені – серабрысты.
Нагрудны узнагародны знак «За службу» ўяўляе сабой варажскі шчыт, пакрыты гарачай эмаллю сіняга колеру, з двума выразамі ў верхняй частцы, аблямоўкай серабрыстага колеру, заклёпкамі серабрыстага колеру, на якім размешчана палотнішча з аблямоўкай і махрамі, пакрытае гарачай эмаллю чырвонага і зялёнага колеру з Дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь.
Шчыт апраўлены лаўровым вянком. У ніжняй частцы вянка размешчана дэвізная стужка, пакрытая гарачай эмаллю чырвонага колеру з акантоўкай і надпісам: «За службу». За шчытом – меч рукаяццю ўверх.
Знак складаецца з чатырох элементаў: аснова – зорка, накладка – шчыт з мячом, палотнішча з Дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь і чырвоная стужка з надпісам: «За службу».
Усе элементы выкананы з тампака і латуні з узнаўленнем рэльефу малюнка метадам чаканкі з наступным гальванічным пакрыццём, таніраваннем і паліроўкай.
Элементы знака злучаны паміж сабой штыфтам і гайкай. Адваротны бок нагруднага знака адрознення мае гладкую паверхню з выгравіраваным парадкавым нумарам у яе ніжняй частцы. Знак мацуецца да адзення пры дапамозе гайкі дыяметрам 16 мм.
Памер знака: вышыня – 45 мм, шырыня – 37 мм.
Знакам I ступені ўзнагароджваюцца супрацоўнікі, якія асабліва вызначыліся і праявілі самаадданасць, мужнасць і майстэрства пры выкананні задач па прызначэнні, за поспехі пры выкананні воінскага, службовага або грамадзянскага абавязку, за высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці, узорнае выкананне службовых абавязкаў, воінскае, прафесійнае майстэрства, імкненне да самаўдасканалення.
Знакам II ступені ўзнагароджваюцца супрацоўнікі за поспехі і стараннасць, праяўленыя пры выкананні воінскага, службовага або грамадзянскага абавязку, за высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці, узорнае выкананне службовых абавязкаў.
Вышэйшай ступенню знака з'яўляецца I ступень.
Знак і пасведчанне да яго ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюцца падчас узнагароджання начальнікам Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні яго намеснікамі.
Узнагароджаныя знакам супрацоўнікі Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якія ўчынілі наўмыснае злачынства альбо якія дапусцілі грубы дысцыплінарны ўчынак у перыяд праходжання службы, загадам начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь могуць быць пазбаўлены знака.
Запісы аб узнагароджанні знакам і аб яго пазбаўленні заносяцца ў асабістую справу супрацоўніка або ў працоўную кніжку работніка.
Знак носіцца на форменнай і грамадзянскай вопратцы на правым баку грудзей пасля ордэнаў і медалёў, а пры іх адсутнасці – на іх месцы.
Паўторнае ўзнагароджанне знакам не праводзіцца. Пры страце знака і (або) пасведчання да яго дублікаты не выдаюцца.