Ліцэнзаванне

Паняцце «ліцэнзаванне», якое разумее наяўнасць дазвольнай палітыкі дзяржавы адносна тых ці іншых відаў дзейнасці прадпрымальнікаў, было ўведзена ва ўжытак айчыннай навукі прадпрымальніцкага права і адміністрацыйна-прававой навукі ў цэлым не так даўно.

У царскай Расіі не было паняцця аб ліцэнзаванні. Дзяржаўны кантроль над прадпрымальнікамі не выкарыстоўваў такіх метадаў. Адзіны раз, калі падобная практыка ўжывалася ў дзейнасці выканаўча-распарадчых органаў у Расіі перыяду праўлення Раманавых, прыпаў на перыяд так званай «кантынентальнай блакады» (1811 – 1812 гг.), калі з-за канфлікту Францыі і Англіі еўрапейскія краіны абмежавалі гандаль з апошняй, фактычна абвясціўшы ёй байкот. У Расіі тады прадпрымальнікам выдаваліся адмысловыя «льготныя лісты», якія, па сутнасці, уяўлялі сабой ліцэнзіі для гандлю з Англіяй.

У Савецкім Саюзе праблема ліцэнзавання не стаяла па простай прычыне – адсутнасці прыватнага прадпрымальніцтва. Дзяржаўныя ж прадпрыемствы ў ліцэнзаванні не мелі патрэбы – навошта дзяржаве ліцэнзаваць саму сябе?

Увядзенне ліцэнзавання ў Рэспубліцы Беларусь было абумоўлена зменамі ў характары ўздзеяння дзяржавы на сацыяльна-эканамічныя адносіны. Правядзенне радыкальнай эканамічнай рэформы ў краіне аб'ектыўна запатрабавала стварэння новай прававой асновы для ўпарадкавання  прадпрымальніцкай дзейнасці, якая актыўна развіваецца. Фарміраванне нацыянальнай сістэмы заканадаўства аб ліцэнзаванні пачалося з Часовага палажэння аб парадку выдачы суб'ектам гаспадарання спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 1991 г.
№ 386 (далей – Часовае палажэнне). У дадзеным акце адсутнічала ўказанне на крытэрыі аднясення да ліку ліцэнзаванай той ці іншай дзейнасці. Пералік відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрэбна была ліцэнзія, складаўся з 77 найменняў, а ў якасці ліцэнзуючых былі вызначаны 26 органаў, сярод якіх прысутнічалі як рэспубліканскія і мясцовыя органы кіравання, так і суб'екты, якія не з'яўляюцца такiмi (Інстытут гісторыі Акадэміі навук і Аўдытарская палата).

Да ліку вартасцяў названага акту трэба аднесці ўстанаўленне адзінага тэрміну для разгляду хадайніцтва аб выдачы ліцэнзіі (30 дзён – з моманту падачы заявы, а ў выпадку правядзення экспертызы – 15 дзён з моманту атрымання экспертнага заключэння, але не пазней за 60 дзён з дня падачы заявы), мінімальнага тэрміну дзеяння ліцэнзіі (5 гадоў), магчымасці падаўжэння тэрміну дзеяння ліцэнзіі і абскарджання ў судовым парадку рашэння аб адмове ў выдачы ліцэнзіі, аб пазбаўленні або аб прыпыненні яе дзеяння.

На працягу тэрміну дзеяння пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 1991 г. № 386 у Часовае палажэнне  неаднаразова ўносіліся змены і дапаўненні.

Аднак разам з гэтымі досыць прагрэсіўнымі зменамі мелі месца негатыўныя моманты. Так, пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 1995 г. № 456 быў зацверджаны новы пералік відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якiх патрабуецца спецыяльны дазвол (ліцэнзія), i органаў, якiя выдаюць гэтыя дазволы (ліцэнзіі), а раней дзейны пералік, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 1991 г. № 386, быў прызнаны страціўшым сілу. Колькасць ліцэнзуемых відаў дзейнасці на момант уступлення ў сілу пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 1995 г. № 456 павялічылася да 88, а ліцэнзуючых органаў – да 32. Пасля дадзеная пастанова 80 разоў падвяргалася карэктыроўцы, у выніку чаго колькасць ліцэнзуемых відаў дзейнасці і ліцэнзуючых органаў да моманту страты ёй юрыдычнай сілы склала 162 і 50 адпаведна.

14 ліпеня 2003 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р. падпісаў Дэкрэт № 17 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці».

Гэты нарматыўны акт сабраў усе асноватворныя нормы, якія датычацца ліцэнзавання: умовы і парадак выдачы ліцэнзій, упаўнаважаныя органы дзяржаўнага кіравання, патрабаванні, пералік ліцэнзуемых відаў дзейнасці. Да гэтага заканадаўства ў дадзенай сферы было разрозненым. Так, віды, якія ліцэнзуюцца, былі прапісаны ў 11 дэкрэтах, 15 указах, 24 кодэксах, 26 законах і 89 пастановах Урада. Да таго ж дакумент зацвердзіў адзіныя патрабаванні і падыходы да ліцэнзавання для ўсіх суб'ектаў гаспадарання, а таксама фіксаваную плату за выдачу дазволу ў памеры 90 еўра.

Другім прынцыповым адрозненнем новага дакумента стала істотнае скарачэнне колькасці ліцэнзуемых відаў дзейнасці – са 165 да 49, а з улікам падвідаў работ і паслуг – з больш за 1,5 тыс. да 487.

Зменшана і колькасць органаў дзяржкіравання, надзеленых правам выдаваць ліцэнзіі, – з 45 да 39.

З моманту ўступлення ў сілу Дэкрэта №17 у Беларусі дзейнічала так званая двухступеністая сістэма ліцэнзавання. Гэта значыць, што Палажэнне аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці замацавала агульныя пытанні ліцэнзавання, а пералік ліцэнзуемых відаў дзейнасці зацверджаны Дэкрэтам. У той жа час канкрэтныя ліцэнзійныя патрабаванні і ўмовы былі дэталізаваны ў пастановах Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, прынятых практычна па кожным з ліцэнзуемых відаў дзейнасці.

З 1 студзеня 2011 г. уступіў у дзеянне Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 г. № 450 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці». Указам адменена ліцэнзаванне 16 відаў дзейнасці, 7 з якіх уключаюць у сябе 59 складальнікаў работ (паслуг), а таксама каля 60 работ (паслуг) па іншых 13 відах дзейнасці, ліцэнзаванне якіх захоўваецца; аб'яднаны два віды дзейнасці ў адзін. Указам зацверджана Палажэнне аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці з прыкладзеным пералікам відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрабуюцца спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі), і ўпаўнаважаных на іх выдачу дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый. Па 16 відах дзейнасці тэрмін дзеяння ліцэнзій павялічаны з 5 да 10 гадоў.

Палажэнне аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджанае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 г. № 450, распрацавана такім чынам, што яно ўтрымлівае ў сабе і агульныя нормы аб ліцэнзаванні, а таксама ліцэнзійныя патрабаванні і ўмовы па ўсіх ліцэнзуючых відах дзейнасці і правілы атрымання кожнай з ліцэнзій. Па сутнасці, дадзенае Палажэнне інкарпаравала ў сябе ўсе пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якія да гэтага дэталізавалі патрабаванні да суіскальнікаў канкрэтных ліцэнзій, вызначалі працэдуру правядзення ацэнкі і экспертызы адпаведнасці магчымасцяў суіскальніка ліцэнзіі (ліцэнзіята) ліцэнзійным патрабаванням і ўмовам, а таксама замацоўвалі форму бланка ліцэнзіі і парадак яго афармлення.

Новае напраўленне ў сферы ліцэнзавання атрымала сваё развіццё ў сувязі з прыняццем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 верасня 2019 г. № 326 «Аб удасканаленні ліцэнзавання, мэтай якога было ўхіліць залішняе рэгуляванне ў ліцэнзаванні дзейнасці і спрасціць патрабаванні да ліцэнзіятаў.

Прыняты 14 кастрычніка 2022 г. Закон Рэспублікі Беларусь № 213-З «Аб ліцэнзаванні» (далей – Закон № 213-З) – гэта фактычна комплексны заканадаўчы акт, які складаецца з агульнай часткі, якая ўстанаўлівае базавыя прынцыпы ліцэнзавання, і асаблівай часткі, якая замацоўвае ўмовы ажыццяўлення ліцэнзаваных відаў дзейнасці. Палажэнні Закона № 213-З уступілі ў сілу з 1 студзеня 2023 г.

Законам № 213-З захавана ўсталяваная Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 г. № 450 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» сістэма ліцэнзавання, вызначаны ліцензаваныя віды дзейнасці, ліцэнзіруючыя органы, патрабаванні, прад’яўляемые да суіскальнікаў ліцэнзій і ліцэнзіятаў, парадак атрымання ліцэнзіі, асновы і парадак спынення яе дзейнасці.

Разам з тым уведзены вызначэнні такіх паняццяў, як даліцэнзійныя патрабаванні, ацэнка адпаведнасці магчымасцяў суіскальніка ліцэнзіі даліцэнзійным патрабаванням і ліцэнзіята – ліцэнзійным.

З улікам выкладзенага ліцэнзія перастае быць дазволам на права ажыццяўлення дзейнасці і становіцца такім правам. У связі з гэтым адпадае неабходнасць у атрыманні ліцэнзіі ў выглядзе дакумента.

На змену рэестру ліцэнзій прыходзіць размешчаная ў глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт дзяржаўная інфармацыйная сістэма «Адзіны рэестр ліцэнзій» (далей – АРЛ), якая змяшчае звесткі аб прадастаўленых ліцэнзіях, іх змяненні, прыпыненні, аднаўленні і спыненні.

Аб наяўнасці ліцэнзіі можна атрымаць інфармацыю праз АРЛ (https://license.gov.by, https://лицензия.бел).